Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Пра сэрвіс

 

НАВОШТА?

 

Грамадская платформа “Выбірай.by” створана ў 2017 годзе аднадумцамі, якім надакучыла, што пра дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў чутно толькі падчас выбарчых кампаній, а ад выбараў да выбараў — цішыня.

 

Нам надакучыла, што дэпутаты з заробкам амаль у 1000 у.е. і шматлікімі сацыяльнымі гарантыямі ды палёгкамі гэтыя грошы (нашыя грошы!) не адпрацоўваюць — напрыклад, дэпутаты папярэдняга склікання Палаты прадстаўнікоў ініцыявалі толькі 3 (тры, Карл!) законы за 4 гады працы.

Нам надакучыла, што шматлікія кандыдаты, якія вылучаліся самастойна ці ад палітычных структур на парламенцкіх выбарах, аднак не прайшлі ў парламент, пасля сканчэння выбараў рэзка забываюцца на свае абяцанні працаваць з выбарцамі ў сваіх акругах.

І таму мы прапануем платформу, якая дапаможа афіцыйным дэпутатам і альтэрнатыўным кандыдатам трымацца ў тонусе і не расслабляцца, а выбарцам — шукаць памочнікаў для вырашэння праблем.

 

ЯК ПРАЦУЕ ПЛАТФОРМА?

 

 

Усё проста: пры дапамозе мапы альбо спіса вы абіраеце сваю акругу. На старонцы акругі вы ўбачыце інфармацыю пра афіцыйнага дэпутата і спіс альтэрнатыўных кандыдатаў, якія балатаваліся па гэтай акрузе ў 2016 годзе альбо з’яўляюцца лакальнымі грамадскімі лідарамі. Вы можаце выбраць аднаго ці некалькі (ці нават ўсіх) адрасатаў і даслаць свой зварот. Мы атрымліваем ваш ліст, паказваем юрысту, і калі ўсё ок — перасылаем усім абраным вамі людзям ды пільнуем, каб адказ прыйшоў у час (дэпутаты абавязаныя адказваць у перыяд ад 15 да 30 дзён, альтэрнатыўныя кандыдаты могуць адказаць хутчэй).

 

Калі вы атрымліваеце адказы, мы выкладаем іх на сайт (вядома ж, з вашай згоды і без персанальных дадзеных), каб кожны чытач мог убачыць, хто — дэпутат ці альтэрнатыўны кандыдат — лепш справіўся з задачай.

Кожны адказ можна будзе ацаніць па адмысловай шкале, на гэтых ацэнках будуць сфармаваныя рэйтынгі самых адказных і актыўных (альбо безадказных і пасіўных) дэпутатаў і альтэрнатыўных кандыдатаў.

 

ЯШЧЭ ПЫТАННІ?

 

Наша платформа вядзецца на беларускай мове. Мы верым, што кожны беларус у стане чытаць і разумець па-беларуску. Калі ўзнікаюць складанасці — Google Translate вам у дапамогу. Безумоўна, пісаць звароты да камунікаваць з намі можна і па-руску.

 

Мы не з’яўляемся прадстаўнікамі нейкіх палітычных партый ці рухаў, і не лабіруем чыесьці палітычныя інтарэсы.

Мы не вядзем дыскусій пра легітымнасць цяперашніх дэпутатаў (разумным людзям і так усё зразумела, праўда?), але сыходзім з таго, што калі дэпутаты фармальна ўсё ж займаюць пасады — прынамсі няхай хоць неяк адпрацоўваюць народныя грошы, якія ідуць на іх заробкі.

 

ШТО ЯШЧЭ ЁСЦЬ НА САЙЦЕ?

 

Раім зірнуць раздзел “Звароты” — там вы знойдзеце карысныя парады, як лепш скласці свой зварот, каб атрымаць на яго больш змястоўны адказ; прачытаеце, пра што можна і трэба пісаць дэпутатам — паверце, па законе яны могуць многае, а не толькі зарабіць дзюрку ў вашым двары.

 

Калі ў вас пакуль няма ідэй, пра што запытацца свайго дэпутата, але вельмі хочацца —зірніце рубрыку “Шаблоны зваротаў”, можна знойдзеце цікавы вам варыянт. Тады вам спатрэбіцца проста дапісаць свае дадзеныя ў гатовы зварот.

Калі вы пакуль не хочаце нешта самастойна дасылаць, але з радасцю падпішацеся пад зваротамі іншых — вам у раздзел “Грамадскія звароты”.

І апошняе: мы будзем старацца зрабіць для вас зручную і цікавую платформу. Але старайцеся быць актыўнымі, бо без вашых зваротаў мы будзем сумаваць. А дэпутаты і альтэрнатыўныя кандыдаты — і пагатоў!