Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Шаблоны зваротаў

На гэтай старонцы мы размяшчаем шаблоны зваротаў па разнастайных пытаннях, з якімі Вы можаце звярнуцца да свайго дэпутата. Вам дастаткова скапіраваць (магчыма, са сваімі папраўкамі) тэкст ніжэй у поле “Напісаць зварот” і ўказаць асабістыя дадзеныя (патрабаванне заканадаўства), а мы самі перашлем яго адрасату і праінфармуем Вас пра адказ. Калі Вы дасылалі нейкі зварот і лічыце, што ён можа быць карысным і іншым, калі ласка, дасылайце нам на скрыню vybiraj.by@gmail.com, і мы змесцім яго сярод шаблонаў.

Старонка рэгулярна дапаўняецца

 

Шаблон №1. Праца дэпутата ў акрузе

 

Я паглядзеў(ла) на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў Вашую персанальную старонку і заўважыў (ла), што ў раздзеле “Праца ў акрузе” размешчана надзвычай мала інфармацыі ўласна пра Вашую працу ў нашай акрузе. Вядома, што дэпутат абавязаны працаваць ў акрузе, дзе ён выбіраўся, адзін тыдзень за месяц — відавочна, што за гэты час павінна адбывацца шмат сустрэч і падзеяў, пра якія нам, выбарцам, цікава даведацца (пры гэтым не трацячы час і грошы на пошук гэтай інфармацыі ў лакальнай прэсе). Акрамя гэтага, размешчаная інфармацыя часта мала змястоўная і абмяжоўваецца сціслымі фармальнымі зацемкамі пра лічаныя падзеі – напрыклад, пра ўдзел дэпутата ў нейкіх дзяржаўных мерапрыемствах. Мне, акрамя гэтага, было б цікава даведацца, з якімі менавіта праблемамі да Вас звяртаюцца выбарцы, наколькі эфектыўная і выніковая аказаная ім дапамога, якія планы датычна акругі маюць дэпутаты і г.д. Акрамя гэтага, на Вашай старонцы адсутнічае інфармацыя пра дні і час/месца сустрэч з выбарцамі падчас штомесяцовай працы ў акрузе. Гэта публічная інфармацыя, да якой выбарцы павінны мець свабодны доступ, а не быць вымушаныя вызвоньваць кожны месяц Вашых памочнікаў, каб яе атрымаць.

Таму прашу Вас забяспечыць поўнае і якаснае напаўненне Вашай старонкі на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў, а таксама своечасова размяшчаць абвесткі пра Ваш штомесяцовы графік сустрэч з выбарцамі ў акрузе.

 

Шаблон №2. Беларускамоўны дзіцячы сад/школа

 

Прашу Вас паспрыяць стварэнню беларускамоўнага садка/беларускамоўнай групы ў садку/беларускамоўнай школы/беларускамоўнай гімназіі ў ...раёне. Існуючых беларускамоўных садкоў/беларускамоўных груп ў садках/беларускамоўных школ/беларускамоўных гімназій недастаткова, яны далёка месцяцца і вазіць дзяцей туды зусім нязручна, а ездзіць ім самастойна — небяспечна. Паводле арт. 17 Канстытуцыі, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Арт. 50 Канстытуцыі сцвярджае, што кожны мае права карыстацца роднай мовай, а дзяржава гарантуе свабоду выбара мовы навучання і выхавання. Аднак у бліжэйшых да нас садках/школах не гарантуецца свабода выбару мовы навучання, а прапануецца толькі рускамоўнае навучанне. Лічым гэта парушэннем канстытуцыйных правоў нашага дзіцяці і нас, як ягоных законых прадстаўнікоў.

 

Шаблон №3. Адмяніць падатак “дармаедства”

 

Прашу Вас унесці на разгляд Палаты прадстаўнікоў патрабаванне пра адмену Дэкрэта №3, “Пра папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства” больш вядомага як “падатак на “дармаедства”. Лічу, што дадзены дакумент парушае ар. 41 Канстытуцыі, які забараняе прымусовую працу і гарантуе права, а не абавязак на працу. Адносна невялікія сумы, выплачаныя грамадзянамі, які патрапляюць пад дзеянне дэкрэта, не апраўдалі эканамічнай мэтазгоднасці яго ўвядзення. Тлумачэнні чыноўнікаў СМІ ў кірунку, што, маўляў, несправядліва, калі грамадзяне не плоцяць падаткі, аднак карыстаюцца дзяржаўнымі паслугамі, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, паколькі, па-першае, любы грамадзянін удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў праз пакупкі ў крамах, аплочваючы сувязь, бензін і г.д.; па-другое, існуе цэлае Міністэрства па падатках і зборах, якое выяўле грамадзян, што ўхіляюцца ад выплаты падаткаў.

У той жа час гэты дэкрэт паспрыяў росту сацыяльнага напружання — публічныя масавыя акцы пратэсту ў Мінску і рэгіянальных гарадах сталі гэтаму пацьверджаннем. Як паведамлялі СМІ, больш за 75 тысяч подпісаў за адмену дэкрэта было сабрана рознымі палітычнымі ды юрыдычнымі структурамі. Амаральна ўводзіць дадатковы падатак у складаны перыяд эканомікі, калі цяжка знайсці годную і высокааплочвальную працу. Да таго ж называць “утрыманцамі” сваіх грамадзян — недапушчальна, гэта не робіць гонару ні дэпутатам, ні іншым чыноўнікам.

Вядома, што цяпер Палата прадстаўнікоў распрацоўвае папраўкі ў гэты дакумент, аднак гэта толькі зацягвае вырашэнне праблемы, дэкрэт мусіць быць адменены цалкам.

 

Шаблон №4. Дэпутацкая справаздача за 2016-2017 год.

Паводле заканадаўства (арт. 26 Закона "Пра статус дэпутата Палаты прадстаўнікоў, чальца Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь"), дэпутат абавязаны перыядычна, аднак не менш за адзін раз на год справаздачыцца перад сваімі выбарцамі па выніках працы за год. У кастрычніку наступае год з пачатка працы новага складу Палаты прадстаўнікоў. У сувязі з гэтым прашу размясціць справаздачу пра сваю працу і выкананне перадвыбарчай праграмы на сайце Палаты прадстаўнікоў альбо на Вашым асабістым сайце, альбо ў мясцовых сродках друку (у такім выпадку прашу паведаміць нумар і назву газеты, дзе можна будзе азнаёміцца са справаздачай) альбо па радыё/тэлебачанні (у такім выпадку прашу паведаміць дату выхаду і назву радыё/тэлепраграмы). Хацелася б, каб у справаздачы была не проста пералічана колькасць праведзеных Вамі сустрэч і ўдзелу у мерапрыемствах, а каб былі адлюстраваныя канкрэтныя праблемы і задачы, над вырашэннем якіх Вы працавалі, а таксама вынікі гэтай працы.