Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Дэпутатка Канапацкая просіць праверыць, ці не парушаюць дзяржаўныя СМІ антыманапольнае заканадаўства

04.09.2018


Крыніца: "Радыё Свабода"

 

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая накіравала запыт міністру антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімеру Калтовічу з просьбай праверыць дзейнасьць дзяржаўных СМІ на прадмет парушэньня імі антыманапольнага заканадаўства, паведамляе БелаПАН.

 

У запыце дэпутатка адзначае, што ў Беларусі рынак інфармацыі (кантэнту) і аналітыкі характарызуецца «небясьпечнымі праявамі дыскрымінацыйных, манапалістычных практык» з боку дзяржаўных вытворцаў, якія па факце працуюць у рамках адзінага дзяржаўнага холдынгу пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі.

«Мае месца грубы канфлікт інтарэсаў, калі ў адным органе дзяржаўнага кіраваньня канцэнтруюцца функцыі заканадаўцы, рэгулятара, ліцэнзіяра, камэрсанта, фінансіста і кантралёра, — гаворыцца ў звароце. — Кіруючая кампанія холдынгу „Дзяржаўныя СМІ“, яе ключавыя вытворцы (БелТА, БТ, АНТ, СТВ, „СБ. Беларусь сегодня“ і іншыя) актыўна выкарыстоўвае фінансавыя, адміністрацыйныя, рэгулятарныя і бюракратычныя інструмэнты для раскрыцьця сваёй манапалістычнай улады, што вядзе да дыскрымінацыі прыватных вытворцаў інфармацыі і аналітыкі.

У выніку дзяржаўныя вытворцы маюць нярынкавыя перавагі на рынку рэклямы. З дапамогай такіх інструмэнтаў, як акрэдытацыя на мерапрыемствы, што праводзяцца рознымі органамі дзяржкіраваньня, доступ да стэнаграмы паседжаньняў дзяржаўных органаў, да друкарняў, тэлебачаньня і радыё, адбываецца дыскрымінацыя прыватных суб’ектаў камэрцыйнай дзейнасьці».

На думку Канапацкай, сытуацыю пагаршае выбарчае бюджэтнае датаваньне дзяржаўных вытворцаў на рынку інфармацыі і аналітыкі, калі грошы падаткаплатнікаў павінны ісьці «на вытворчасць інфармацыі і аналітыкі для ўсіх грамадзян і субʼектаў гаспадараньня, а асобныя дзяржаўныя вытворцы інфармацыі прысвойваюць іх сабе з мэтай перапродажу сваім прыватным канкурэнтам і манэтызацыі сваіх нярынкавых пераваг на рынку».

«Да таго ж, прыватныя камэрцыйныя арганізацыі ня могуць прэтэндаваць на бюджэтныя датацыі, ільготныя стаўкі па арэндзе памяшканьняў, а таксама на гарантаванае атрыманьне рэклямных кантрактаў з дзяржаўнымі субʼектамі гаспадараньня», — адзначаецца ў запыце.