Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Дэпутаты: У нас хапае праблем, каб салідарнасцю караць сваіх алімпійцаў

08.12.2017


Крыніца: "Еўрарадыё"

 

 
 
Фота Змітра Лукашука

Алімпійскі камітэт адхіліў Расію ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года. У адказ дэпутат Дзярждумы Расіі Віталь Мілонаў заклікае нацыянальныя алімпійскія камітэты Беларусі, Казахстана і Кыргызстана, а таксама краін БРІКС (Бразіліі, Індыі, Кітая і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі) адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе-2018 у знак салідарнасці з Расіяй. Бо, на думку парламентарыя, Міжнародны алімпійскі камітэт цкуе Расію па палітычных прычынах.

Еўрарадыё цікавіцца ў беларускіх парламентарыяў, ці лічаць яны рашэнне МАК справядлівым і ці варта беларускім спартоўцам праяўляць “салідарнасць” з расійскімі калегамі, якіх адхілілі ад спаборніцтваў за злачынныя дзеянні?

Былы беларускі алімпіец, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі ўпэўнены, адхіляць усю зборную Расіі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе-2018 было не трэба. Па яго словах, калі на ўжыванні допінгу былі злоўленыя асобныя спартоўцы, то караць трэба іх, каб астатнія, “чыстыя”, не неслі групавой адказнасці.

Вадзім Дзевятоўскі: “Уявіце сабе спартсмена, які ніколі не парушаў антыдопінгавыя правілы, заўжды сумленна запаўняў форму месцазнаходжання, здаваў допінг-кантролі, і ўявіце сабе, што яму кажуць: “Ты не едзеш на Алімпіяду”. Бо ён нясе агульную адказнасць. Не будзем цяпер казаць пра сістэму ― тут вельмі тонкае пытанне, і словамі кідацца нельга, але станьце на месца гэтага сумленнага спартоўца. Так, ёсць віды спорту, якія могуць больш трапляць пад падазрэнне ― веласпорт, цяжкая і лёгкая атлетыка. Але возьмем фігурнае катанне ― я не чуў, каб там увогуле была праблема допінгу. І атрымліваецца, што ўсе расійскія фігурысты, якія задаюць тон у сусветным фігурным катанні, яны не паедуць. Ну, ці ў лепшым выпадку, яны трапляюць пад нейкія рамкі допуску: усё адно будзе пасяджэнне камісіі, якая будзе іх дапускаць ці не дапускаць да ўдзелу ў спаборніцтвах”.

Разам з тым, Дзевятоўскі катэгарычна супраць таго, каб беларуская зборная ў знак салідарнасці з расіянамі адмовілася ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе.

Дзевятоўскі: “Нельга забываць пра лёс спартсмена, лёс чалавека. Тут не трэба эмацыйна паддавацца. Я разумею абурэнне людзей, якія робяць такія рэзкія заклікі, але я прашу звярнуць увагу на спартсмена ― магчыма, гэта той яго шанец выступіць на Алімпіядзе, які выпадае адзін раз за жыццё”.

Згодны з калегам другі дэпутат-алімпіец, вясляр, алімпійскі чэмпіён 2008 года Аляксандр Багдановіч, які праз допінгавы скандал прапусціў апошнюю Алімпіяду.

Аляксандр Багдановіч: “Калі не будзе ўдзелу Расіі, то няўжо будзе цікавая Алімпіяда нашаму кантыненту? Калі не будзе справядлівасці, то няўжо гэта будзе справядлівая перамога, а спартсмены, якія будуць перамагаць, будуць адчуваць сябе паўнавартаснымі героямі без удзелу мацнейшай краіны свету? Тое, што цяпер адбываецца з Расіяй, мяне вельмі моцна абурае. У кожнага спартсмена ёсць выбар: прымаць допінг ці не прымаць. Калі вы некага злавілі, то адхіліце яго ад удзелу. А краіна тут увогуле ні пры чым”.

Тым не менш, Багдановіч супраць адмовы ад удзелу “ў знак салідарнасці”:

“У нас хапае сваіх праблем, каб так вось, салідарнасцю, караць сваіх спартсменаў”.

Абураны рашэннем МАК адносна ўдзелу Расіі ў Алімпіядзе і дэпутат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Анатоль Хішчанка. Але і ён супраць нейкай там салідарнасці на справе.

Анатоль Хішчанка: “Неадназначны падыход еўрапейскіх і сусветных спартыўных чыноўнікаў у дачыненні да Расіі. Што ж тычыцца нашай падтрымкі, то маральна заўжды трэба падтрымліваць, быць на баку. Але ж нашы спартоўцы доўгі час ішлі да гэтай мэты (удзелу ў Алімпіядзе. ― Еўрарадыё) і павінны даказаць, што яны моцныя, што Беларусь мае ў спартовым свеце добры статус”.

Намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў таксама супраць адмовы ад удзелу ў Алімпіядзе.

Дзмітрый Шаўцоў: “Не варта адмаўляцца ад удзелу дзеля салідарнасці. Мы павінны выступаць. Падрыхтоўка да Алімпіяды ― вялікая праца, укладанне сваёй энергіі, сваіх сіл. Таму не трэба ні нашым спартоўцам адмаўляцца, ні расійскім. Яны павінны выступаць усё адно, пазіцыянаваць сваю краіну ― хай сабе і пад сцягам алімпійскага руху. Мы ўсе выдатна разумеем, што гэта спартсмены Расіі, і мы, натуральна, будзем за іх балець”.

Нагадаем, прычынай адхілення Расіі ад Алімпіяды стала маштабная допінг-афера, арганізаваная на дзяржаўным узроўні падчас гульняў-2014 у Сочы. З-за яе Расію ўжо пазбавілі 11 здабытых там медалёў, а былому міністру спорту Віталю Мутко пажыццёва забаранілі з’яўляцца на Алімпіядах.

Фота Змітра Лукашука