Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Справаздача дэпутата Дзмітрыя Гобарава за 2016-2017 год працы

24.01.2018


Крыніца: сайт Палаты прадстаўнікоў

 

Дэпутат зрабіў справаздачу


У прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў першыя ў новым годзе прамую тэлефонную лінію,  прыём грамадзян і прэс-канферэнцыю.

Нягледзячы на тое, што яго дэпутацкая праца ў выбарчай акрузе прыпала на другі дзень пасля чатырохдзённых выхадных, бялынічане ахвотна ўступалі ў тэлефонны дыялог са сваім парламентарыем, а некаторыя завіталі і на прыём па асабістых пытаннях. Практычна ўсе звароты насілі тлумачальны характар дзеючага заканадаўства, некаторыя шукалі параду ў пэўных асабістых жыццёвых сітуацыях.

Напрыклад, бялынічанін Іван Куляшоў, якому неўзабаве споўніцца 81 год, прыйшоў на прыём да Дзмітрыя Гобарава, каб заручыцца падтрымкай у такой справе, як правядзенне рамонту гравійна-пясчанага палатна па вуліцы Машэрава, што ў райцэнтры. Падчас іхняй гутаркі высветлілася, што зусім нядаўна, пасля звароту Івана Іванавіча ў райвыканкам, для адтоку вады праз вуліцу праклалі дзве трубы.

— Трэба зрабіць яшчэ і падсыпку, – кажа пенсіянер. – І так, каб палатно аказалася значна вышэй.

— Тады вада ў дажджлівы сезон двары пачне затапліваць, – перасцерагае яго памочнік дэпутата Аляксандр ВАРОНІН.

— Не затопіць, – адказвае пенсіянер.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў разам са сваім памочнікам выязджаў на месца, каб высветліць, што можна яшчэ зрабіць на вуліцы Машэрава.

Зразумела, што лішніх грошай няма ў раённым бюджэце, які мае сацыяльную накіраванасць, – гэта значыць: ільвіная доля даходаў ідзе на функцыянаванне ўстаноў і служб сацыяльнай сферы – аховы здароўя, адукацыі, культуры, на адрасную падтрымку людзей, якія маюць у ёй патрэбу, на забеспячэнне нашай бяспекі… Нагадаем таксама, што асноўнай крыніцай у структуры бюджэтных паступленняў з’яўляецца падаходны падатак, які абавязаны выплачваць кожны працоўны. І як тут не ўзгадаць вядомы прэзідэнцкі Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, сэнс якога заключаеццца ў наступным: калі ты працуеш, жывеш у грамадстве, то абавязаны ўдзельнічаць і ў грамадскіх расходах. Канечне, у гэтым сэнсе пытанняў да Івана Іванавіча не ўзнікае, бо, маючы за плячыма багаты працоўны стаж (каля 40 гадоў), у свой час ён спраўна выплачваў падаходны падатак, і яго працоўная, як кажуць, капейка папаўняла раённы бюджэт. Да слова сказаць, менавіта са сродкаў райбюджэту і ваду правялі, і добрую, па словах самога ж Івана Куляшова, электралінію паставілі па вуліцы Машэрава. Дый грэйдзіраванне яе праводзіць жылкамгас. А гэта зноў-такі – бюджэтныя расходы.

Вядома, былі б грошы, то і вуліцу Машэрава, як і некаторыя іншыя, апранулі б у асфальт. А жывучы па сродках, даводзіцца выбіраць аб’екты для правядзення іх капітальнага рамонту, зыходзячы выключна з мэтазгоднасці: што старэй і найбольш зношана. Да слова сказаць, як і ў папярэднія гады, і сёлета ў райгазеце “Зара над Друццю” будзе апублікаваны спіс аб’ектаў, што падлягаюць капрамонту ў 2018 годзе. 

Пасля завяршэння прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян Дзмітрый Гобараў правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў газеты “Зара над Друццю”.

ПЫТАННЕ: — Дзмітрый Дзмітрыевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання прыступілі да выканання сваіх абавязкаў з кастрычніка 2016 года. Што зроблена на заканатворчай ніве за гэты час?

АДКАЗ: — Вынікам нашай заканатворчай працы стала прыняцце больш за 80 законапраектаў і ратыфікацыя больш як паўсотні міжнародных дагавораў.

Асноўнымі момантамі ў гэтым працэсе стала ўдасканаленне існуючых і прыняцце новых законаў, якія накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці эканомікі Беларусі, стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва, прыцягненне інвестыцый, далейшае развіццё гандлю і сферы паслуг, паляпшэнне сацыяльных гарантый грамадзянам, а таксама на абарону суверэнітэту і адстойванне нацыянальных інтарэсаў.

У беларускім парламенце я з’яўляюся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Наша камісія працуе па шырокім спектры заканатворчых пытанняў і ў кампетэнцыю яе ўваходзіць удасканаленне і распрацоўка нарматыўна-прававых актаў аб органах выканаўчай улады і дзяржаўнага кантролю, мясцовым кіраванні і самакіраванні, дзяржаўнай службе, адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні краіны, выбарчай сістэме і інш.

Ва ўласнай заканатворчай дзейнасці прытрымліваюся наступнага прынцыпа: прынятыя законы павінны быць усебакова і дакладна абгрунтаванымі, яны абавязаны садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны і павышэнню дабрабыту і якасці жыцця людзей.

За мінулы год камісія праводзіла працу па падрыхтоўцы да разгляду 7 законапраектаў. Асабіста прымаў удзел у распрацоўцы законапраекта “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан”.

ПЫТАННЕ: — Міжнародная дзейнасць займае значнае месца ў працы дэпутата беларускага парламента?

АДКАЗ: — Яна з’яўляецца адной з важнейшых форм працы дэпутата і накіравана на дасягненне рэальных эканамічных мэтаў. Я ўваходжу ў склад рабочых груп Нацыя-нальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтву з парламентамі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, з’яўляюся кіраўніком такой групы, якая супрацоўнічае з Пакістанам. У складзе беларускай парламенцкай дэлегацыі наведаў гэту краіну з рабочым візітам, падчас якога сустрэўся са старшынёй Сената парламента Міанам Разой Раббані, прыняў удзел у святкаванні Дня Ісламскай Рэспублікі Пакістан.

Беларусь – адкрытая краіна, эканамічнае развіццё яе вызначаецца рознавектарнасцю, асваеннем новых рынкаў збыту прадукцыі. Яна ўцягнута практычна ва ўсе працэсы, што адбываюцца як у бліжнім, так і далёкім замежжы. Пры гэтым няпростая міжнародная абстаноўка вымагае ад нас своечасовага прыняцця ўсіх магчымых мер па папярэджанні пагроз, якія для многіх дзяржаў, у тым ліку і некаторых суседніх, ператварыліся ўжо ў вельмі сур’ёзныя праблемы. Беларускія парламентарыі рэагуюць на гэтыя выклікі ўнясеннем паправак у адпаведныя заканадаўчыя акты. Але разам з гэтым мы заўсёды гаворым пра нязменнасць прынцыпаў нашай знешняй палітыкі, якая выражаецца ў імкненні да міру,     узаемапавазе, раўнапраўным су-працоўніцтве з усімі партнёрамі. Мы абсалютна перакананы, што ўсялякі канфлікт можна і трэба вырашаць выключна палітыка-дыпламатычнымі шляхамі. Нагадаю, што Мінск паспяхова рэалізоўвае сябе ў якасці міжнароднай перагаворнай пляцоўкі.

Міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў накіравана на ўзмацненне пазіцый беларускай дзяржавы па ўсіх вектарах яе знешняй палітыкі. У выніку, значна пашырылася міжнародна-дагаворная база нашай краіны. Дэпутаты імкнуцца максімальна выкарыстоўваць кожную магчымасць для прасоўвання і ўмацавання беларускіх эканамічных інтарэсаў. Намі праведзены прадуктыўныя сустрэчы з парламентарыямі Балгарыі, Бельгіі, Пакістана, Польшчы, Румыніі. Для наладжвання дзелавых кантактаў з замежнымі партнёрамі актыўна выкарыстоўваецца і спартыўны фармат. У складзе каманды Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ваш дэпутат прыняў удзел у VІІІ Міжнародных парламенцкіх гульнях, якія праходзілі ў Маскве, дзе наша каманда заняла другое месца.

Канечне, галоўнай міжнароднай падзеяй стала правядзенне ў Мінску 26-й штогадовай сесіі Парламентскай асамблеі ОБСЕ. А важнейшым вынікам яе з’явілася зацікаўленае абмеркаванне парламентарыямі з 55 краін ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі аб запуску новага Хельсінскага працэсу.

ПЫТАННЕ: — Перманентна на парадак дня грамадскага жыцця выносіцца праблема смяротнага пакарання злачынцы. Як парламентарыі рэагуюць на гэта няпростае пытанне?

АДКАЗ: — У Палаце прадстаўнікоў створана і дзейнічае рабочая група Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па вывучэнні праблематыкі смяротнай кары як інструмента пакарання, што прымяняецца ў нашай краіне. Я ўваходжу ў склад гэтай групы, мэтай якой з’яўляецца не перакананне ў неабходнасці адмены ці захавання такога пакарання, а давядзенне да шырокіх колаў грамадскасці тых аспектаў, якія адносяцца да прымянення смяротнай кары, і маніторынгу сітуацыі.

Дзеля вывучэння грамадскай думкі па гэтай тэме мною праве-дзены шэраг сустрэч з працоўнымі калектывамі Шклоўскай выбарчай акругі, прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні нашай рабочай групы, на якім прысутнічалі дакладчык па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні, дэпутаты Еўрапарламента, у сустрэчах з міжнароднымі экспертамі па пытаннях смяротнай кары, з выканаўчым дырэктарам арганізацыі “Праект па пытаннях смяротнага пакарання”, членам адпаведнай экспертнай групы МЗС Вялікабрытаніі Парвезам Джаббарам і генеральным сакратаром няўрадавай арганізацыі “Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання” Асунтай Віво Кавальер.

ПЫТАННЕ: — Безумоўна, для дэпутата вельмі важны кантакт з выбаршчыкамі…

Дзмітрый Гобараў: — Маеце на ўвазе маю працу ў Шклоўскай выбарчай акрузе?

Журналіст: — Так.

АДКАЗ: — Для кожнага дэпутата праца з насельніцтвам з’яўляецца прыярытэтным кірункам яго прафесійнай дзейнасці. Аналіз сітуацыі на месцы, прамы кантакт з людзьмі і мясцовай уладай дазваляюць яшчэ раз ацаніць правільнасць прынятых рашэнняў, выявіць праблемы і намеціць шляхі іх вырашэння.

Заўсёды стараюся быць максімальна даступным для насельніц-тва, рэгулярна сустракаюся з кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці, раёнаў і прадпрыемстваў выбарчай акругі, праводжу прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы, сустрэчы ў ка-лектывах. За прайшоўшы перыяд дэпутацкай дзейнасці ў выбарчай  акрузе правёў 32 прыёмы грама-дзян, на якія прыйшлі 172 чалавекі. Разгледзеў 151 зварот, у тым ліку 37 пісьмовых. 21 зварот паступіў у ходзе прамых тэлефонных ліній.

Па тэматыцы зваротаў самымі актуальнымі з’яўляюцца пытанні камунальна-бытавой сферы (53 звароты, ці 35,1 % ад іх агульнай колькасці): захаванасць і рамонт жылля, водазабеспячэнне, збор цвёрдых камунальных адходаў, ачыстка калодзежаў, якасць пітной вады.

Па пытаннях добраўпарадкавання паселішчаў, рамонту дарог і тратуараў, вулічнага асвятлення звярнуліся 29 чалавек (19,2 %). Паступалі звароты па пытаннях праца-ўладкавання (10,6 %), адносна жыллёвай палітыкі (6,6 %), сацыяльнага забеспячэння насельніцтва (5,4 %), у галіне архітэктуры і будаўніцтва (4 %), працы ўстаноў аховы здароўя (2 %). Па садзейнічанне ў развіцці фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак звярнуліся 10 чалавек (6,6 %).

Найбольшая колькасць зваротаў паступіла ад жыхароў Круглянскага (60), Шклоўскага (37), Бялыніцкага (30) раёнаў.

Аніводны зварот, пісьмовы ці вусны, не пакінуў без увагі. Са 151 звароту 120 (79,5 %) зняты з кантролю, з якіх 57 (47,5 %) вырашаны станоўча, па 52 дадзены тлумачэнні, 31 зварот знаходзіцца на кантролі (для вырашэння іх патрабуецца дэтальнае вывучэнне, прыняцце дадатковых мер, значнях капіталаўкладанні), а 5 зваротаў грама-дзян запатрабоўваюць судовага разбіральніцтва.

Хоць і нязначна, але маюць месца звароты (7) кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак па праблематыцы пагашэння дэбіторскай запазычанасці за выкананыя работы, разлікаў за пастаўленую сельгаспрадукцыю, функцыянавання вытворчых працэсаў. Пяць зваротаў вырашаны.

Падчас правядзення ў выбарчай акрузе работы па растлумачэнні норм Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” прыняў удзел у пасяджэнні Круглянскай раённай камісіі па разглядзе пытанняў прадастаўлення льгот юрыдычным і фізічным асобам на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год, правёў сустрэчы ў працоўных калектывах, асабістыя прыёмы грамадзян па месцы іх жыхарства, прамыя тэлефонныя лініі.

Вялікую ўвагу надаю ўдзелу ў грамадска значымых і святочных мерапрыемствах выбарчай акругі, дабрачыннай дзейнасці, працы з моладдзю, ветэранамі.

Карыстаючыся нагодай, хачу запэўніць жыхароў Бялыніцкага раёна ў тым, што ўся мая далейшая працоўная дзейнасць будзе накіравана на максімальнае выкананне палажэнняў перадвыбарчай праграмы і вырашэнне праблем, якія ставяцца ў зваротах. Сардэчны дзякуй вам за той давер, які вы мне аказалі, за вашу актыўную жыццёвую пазіцыю і канструктыўныя прапановы па развіцці краіны і раёна, паляпшэнні жыцця людзей, удасканаленні заканадаўства.