Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Дэпутаты плануюць забараніць ананімныя каментары ў інтэрнэце

03.04.2018


Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ад Палаты прадстаўнікоў праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Большай часткай папраўкі тычацца закона «Аб сродках масавай інфармацыі».


Якія змены хочуць зрабіць чыноўнікі і дэпутаты?

Інтэрнэт-рэсурсам прапануюць добраахвотна зарэгістравацца ў якасці СМІ. У такім разе іх супрацоўнікі атрымаюць (у некалькі зрэзаным выглядзе) правы традыцыйных СМІ — напрыклад, праходзіць акрэдытацыю ў дзяржаўных органах, працаваць на масавых акцыях, мець права на абарону крыніцы інфармацыі. Аднак у такім разе трэба будзе мець юрыдычны адрас і праходзіць зацвярджэнне галоўнага рэдактара ў Міністэрстве інфармацыі.

Рэгістрацыю можна і не праходзіць, аднак усё адно давядзецца выконваць абавязкі, прадугледжаныя законам аб СМІ.

Галоўнае новаўвядзенне — плануецца ўвесці абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў і ўдзельнікаў форумаў.

Апроч таго, дапускаецца магчымасць блакавання сацыяльных сетак — калі сацсетка адмовіцца выдаліць нейкую інфармацыю з чыесьці старонкі.

«Гэтыя змены ў заканадаўстве накіраваныя на ўзмацненне кантролю за інтэрнэт-сферай ў Беларусі», — каментуе дакумент старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

ГА «БАЖ» рыхтуе свае заўвагі па законапраекту, да 9 красавіка яны будуць прадстаўлены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.


Паводле "Нашай Нівы"