Гэты сайт прызначаны для камунікавання беларускіх грамадзян з афіцыйнымі дэпутатамі ці альтэрнатыўнымі кандыдытамі. Выберыце акругу, адпраўце зварот, ацаніце працу і адказ. Падрабязней тут.

База альтэрнатыўных кандыдатаў увесь час дапаўняецца. Калі Вы хочаце стаць альтэрнатыўным кандыдатам і дапамагаць жыхарам сваёй акругі ў вырашэнні праблем - пішыце нам


Як найлепш скласці зварот: парады

 

 

Па-першае, пісьмовы зварот (нават калі ён і электронны) патрабуе прытрымлівацца фармальных нормаў, выкладзеных у Законе "Пра звароты грамадзян":

 

1. Зварот павінен быць напісаны на рускай ці беларускай мовах.
2. Не дапускаецца ўжыванне ў зваротах нецэнзурных альбо абразлівых слоў ці выразаў.
3. Да  зваротаў, якія падаюць прадстаўнікі грамадзян, прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.
4. Калі раней вашае пытанне ўжо разглядалася ў якой-небудзь структуры, у зваротах павінна ўтрымлівацца інфармацыя аб выніках іх папярэдняга разгляду з дадаткам (пры наяўнасці), што пацвярджаюць гэту інфармацыю.

 

Па-другое, старайцеся пісаць у зваротах самае сутнаснае. Канешне, троху шчырых эмацыянальных сказаў ажывяць сухі дзелавы тэкст але ўсё добра ў меру: наўрадці дэпутаты будуць учытвацца ў слёзны ліст на дзесяці старонках, хоць мы разумеем, што часам пра праблемы хочацца апавядаць менавіта так. Але варта сабрацца і скласці ўраўнаважаны тэкст, лепш са спасылкамі на факты, публікацыі альбо заканадаўчыя акты - так будзе зразумела, што вы сур'ёзна ставіцеся да свайго пытання і павесіць вам локшыну на вушы ў выглядзе бесталковых адпісак не выйдзе.

 

Па-трэцяе, калі ёсць такая магчымасць - лепш занясіце зварот асабіста дэпутату падчас прыёму грамадзян. Кантакт "вочы ў вочы" заўжды больш эфектыўны, і ў выпадку асабістай размовы застаецца большая верагоднасць, што дэпутат надзеліць вашаму звароту дастаткова ўвагі. Аднак гэта не значыць, што на пісьмовыя звароты дэпутат можа схалтурыць. Калі вы палічыце, што вашае пытанне прапрацавана дэпутатам няякасна - можна абскардзіць яго дзеянні ў Старшыні Палаты прадстаўнікоў.